Усё пачалося яшчэ 21 мая, калі Настассі патэлефанавалі кватаранты: са столі ў ванным пакоі капае вада, піша SlutskGorod. 

— Мая кватэра знаходзіцца ў 17-м доме па вуліцы Зялёнай. Частку жылля тут набылі маладыя сем'і, частку аддалі пад сацыяльнае жыллё. Адна з апошніх знаходзіцца прама над маёй кватэрай, — расказвае Настасся. — У той дзень я прыехала і паднялася на паверх вышэй, але мне ніхто не адчыніў. Сусед па тамбуры паведаміў, што гаспадар кватэры не жыве [ў кватэры] са жніўня мінулага года. Але чалавека трэба было тэрмінова шукаць, бо капала моцна.

Праблема была яшчэ ў тым, што пад нацяжной столлю ў ванным пакоі знаходзілася праводка, і вада магла справакаваць кароткае замыканне. 

— На наступную раніцу я звярнулася ў службу «115», і праз некалькі гадзін прыехаў майстар. Ён абследаваў пакой і падняўся да суседа. А калі зразумеў, што ў ягоную кватэру не патрапіць, стаў тэлефанаваць начальству, шукаць варыянты рашэння.

Па законе адчыніць кватэру ніхто не мае права нават у такой няпростай сітуацыі. Але ёсць два шляхі вырашэння праблемы: альбо знайсці законнага ўладальніка, альбо атрымаць дазвол праз органы ўлады. 

Паводле выдання, увесь гэты час міліцыя вяла пошукі ўладальніка кватэры, і Настасся таксама пачала яго шукаць па сваіх каналах. Толькі ўсе ягоныя кантакты былі неактыўныя, у міліцыі сказалі, што сусед Настассі нідзе не фіксаваўся як правапарушальнік, і канцоў так і не знайшлі. Магчыма, чалавек з'ехаў з краіны.

Пакуль мясцовыя структуры і службы шукалі шляхі вырашэння праблемы, вада ў ванным пакоі кватэры Настассі бесперапынна капала. Нацяжная столь не вытрымала нагрузкі і правісла, а свяцільня пачала моцна «караціць». 

— Я звярнулася ў страхавую кампанію, прыехаў спецыяліст, спусціў ваду, зняў столь, адключыў свяцільню. Відаць, цякло там даўно, бо пад пакрыццём усё было чорным ад вільгаці. Пазней, у апошнія дні мая, з ЖЭУ-5 прыходзілі спецыялісты і я падпісала тры акты на адкрыццё кватэры. Яго мусілі правесці практычна адразу, але гэтага чамусьці не зрабілі. Я зноў пачала тэлефанаваць ва ўсе службы, і мне казалі, што над пошукам варыянтаў рашэння праблемы працуюць юрысты. 

Пра сваю праблему Настасся распавяла старшыні мясцовага савета дэпутатаў Наталлі Аўсяннікавай падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства, дзе працуе дзяўчына.

— Наталля Аляксандраўна абяцала ўзяць маю праблему пад свой кантроль, запісала мае даныя. А ў чацвер раніцай (29 чэрвеня — заўв. рэд.) яна патэлефанавала мне і сказала, што ў найбліжэйшы час прыйдуць рабочыя і адчыняць дзверы той кватэры, — распавядае суразмоўніца.

У пятніцу, 30 чэрвеня, Настасся паведамляла, што ў 11:00 да яе прыехалі камісія з райвыканкама і работнік камунальнай службы. Згодна з пастановай і з прычыны адсутнасці жыхароў абедзвюх кватэр камісія адчыніла агульны тамбур і ўваходныя дзверы злашчаснай кватэры.

— Тое, што мы ўбачылі ўнутры, проста не ўкладвалася ў галаве. Памяшканне ў занядбаным стане, паўсюль смецце, бруд, пясок, пустыя бутэлькі, — расказвае случчанка. 

— Калі сантэхнік праверыў лічыльнік, сам быў у шоку: толькі халоднай вады па паказаннях зафіксавана 1600 кубоў! У ванным пакоі і туалеце было мокра, з-за паломкі вада сачылася на падлогу і да нас у кватэру. Камісія правяла агляд, падпісала акт і спусцілася ў маю кватэру. Як высветлілася, у нас не толькі ванны пакой пацярпеў: сцены ў туалеце абкладзеныя пліткай, а пад ёй усё чорнае ад вільгаці. Як доўга сачылася вада, застаецца толькі здагадвацца, — сказала дзяўчына.

Настасся задаволеная вынікам і чакае заключэння камісіі. Страты ёй павінна кампенсаваць страхавая кампанія. Што з адамкнёнай кватэрай, невядома. 

Чытайце таксама:

«Прыязджаюць нават з горада, каб на свае вочы ўбачыць гэты «лакшэры хаус». У Гродне сям'я «плюшкіных» жыве практычна пад адкрытым небам на захламленым участку

Гамяльчук паскардзіўся чыноўніку на жудасны смурод з кватэры памерлага суседа. Што яму адказалі?

Кашмарная гісторыя ў Гомелі: у кватэры расклаўся труп чалавека, і пах ад яго суседзі знізу не могуць вывесці

Клас
6
Панылы сорам
17
Ха-ха
5
Ого
16
Сумна
7
Абуральна
5