Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў прааналізаваў адкрытыя даныя і назваў новую лічбу тых, хто пакінуў Беларусь пасля 2020 года.

Па стане на люты 2024 года ў польскай сістэме ZUS — гэта аналаг беларускага ФСАН — было зарэгістравана 130 тысяч беларусаў. Столькі ж грамадзян нашай краіны мелі дазвол на жыхарства ў Польшчы. Вядома, што ў 2020-м такіх было ўсяго 17 тысяч, піша Коршунаў для Цэнтра новых ідэй.

Такім чынам, базавай колькасцю беларусаў, якія з'ехалі ў Польшчу, можна лічыць 113 тысяч чалавек.

Пры гэтым, на думку Коршунава, у гэтай статыстыцы не хапае яшчэ некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія ў гэты момант чакаюць ДНЖ у Польшчы, паколькі тэрміны выдачы дазволаў расцягнуліся з-за вялікага наплыву замежнікаў.

У Літве па стане на люты 2024 года дазвол на жыхарства мелі 63 тысячы беларусаў, афіцыйна працаўладкаваныя 48 тысяч. У канцы 2020 года ў гэтай краіне жыло менш за 18 тысяч беларусаў. Такім чынам, памер новай міграцыі беларусаў у Літву складае каля 45 тысяч чалавек. І гэта таксама хутчэй мінімальная планка.

У Германію за апошнія гады пераехала 6-8 тысяч беларусаў, у Ізраіль па стане на 2022 год — 3,6 тысячы чалавек, пры гэтым колькасць працягвае расці. У Грузію перабраліся недзе 10-11 тысяч беларусаў. Паводле ацэнкі Коршунава, у краіны ЕС, акрамя Польшчы і Літвы, перабраліся каля 20 тысяч беларусаў.

Такім чынам, атрымліваецца агульная колькасць у 220 тысяч беларусаў, якія з'ехалі ў заходнім кірунку.

Папулярным кірункам з'яўляецца і ўсходні. Падлічыць колькасць беларусаў, якія з'ехалі ў Расію, складана праз асаблівасці статыстыкі. Паводле звестак МУС Расіі, у 2022 годзе ў гэтай краіне жылі 430 тысяч беларусаў, паводле звестак Еўразійскай эканамічнай камісіі — 173 тысячы. Коршунаў лічыць, што эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная па памерах з заходнім кірункам.

Такім чынам, па стане на пачатак 2024 года можна абгрунтавана ацаніць агульную колькасць беларускай эміграцыі прыкладна ў 500-600 тысяч чалавек.

Гэта каля 6-7% ад агульнай намінальнай/афіцыйнай колькасці насельніцтва краіны па версіі Белстата. Ці амаль Гродна і Брэст разам.

Чытайце таксама:

«Старая віленская эміграцыя не злілася з новай — беларусы ментальна розныя»

Больш за 200 тысяч чалавек. Столькі з'ехала з Беларусі за два гады па афіцыйных звестках

«Пры выездзе з краіны беларусы застаюцца гэткай жа часткай нацыі, як і тыя, хто жыве на радзіме»

Клас
30
Панылы сорам
14
Ха-ха
11
Ого
16
Сумна
57
Абуральна
35