Ноа Кірэль з Ізраіля на мінулым конкурсе заняла трэцяе месца. Фота: Martin Meissner / AP

Ноа Кірэль з Ізраіля на мінулым конкурсе заняла трэцяе месца. Фота: Martin Meissner / AP

Амаль паўтары тысячы дзеячаў музычнага бізнэсу Фінляндыі падпісалі петыцыю з патрабаваннем выключыць Ізраіль з песеннага конкурсу Еўрабачання. Арганізатары конкурсу пакуль не бачаць падстаў гэта рабіць, піша Бі-бі-сі.

Аўтары петыцыі абвінавачваюць Ізраіль у ваенных злачынствах у сектары Газа. Яны лічаць, што калі арганізатар конкурсу, Еўрапейскі вяшчальны чаюз (EBU), адмовіцца выключаць ізраільцян, то свайго канкурсанта павінна адклікаць фінляндская вяшчальная кампанія Yle.

Адзін з аўтараў петыцыі, актывіст ад культуры Лукас Карпелайнен заявіў газеце Hufvudstadsbladet, што арганізатары конкурсу Еўрабачання не павінны дазволіць Ізраілю «паліраваць свой імідж» шляхам удзелу ў конкурсе.

Аўтары абвінавачваюць вяшчальную кампанію Yle ў падвойных стандартах на той падставе, што яе прадстаўнікі аднымі з першых заклікалі выключыць з Еўрабачання Расію пасля таго, як яна напала на Украіну.

Прадстаўнік Yle Віле Вілен ужо на наступны дзень пасля расійскага ўварвання сказаў, што яно ідзе насуперак з усімі каштоўнасцямі, якія прадстаўляюць Yle і іншыя вяшчальныя кампаніі Еўропы, і таму расійскіх удзельнікаў дапускаць на конкурс нельга.

Цяпер Вілен кажа, што ставіць Расію і Ізраіль на адну дошку няможна.

«Якімі б жудаснымі яны [падзеі ў Газе] ні былі, гэта — не агрэсіўная вайна паміж дзяржавамі, як паміж Расіяй і Украінай», — сказаў ён газеце Ilta Sanomat некаторы час таму.

З нагоды петыцыі прэс-сакратар Yle Йерэ Нурмінен сказаў газеце Hufvudstadsbladet, што кампанія сочыць за сітуацыяй і абмяркоўвае яе з EBU і іншымі грамадскімі вяшчальнымі кампаніямі Еўропы. Акрамя таго, па яго словах, кіраўніцтва Yle збіраецца сустрэцца з аўтарамі петыцыі.

Еўрапейскі вяшчальны саюз у снежні заявіў, што конкурс Еўрабачання праводзяць вяшчальныя кампаніі, а не ўрады, і што ізраільская кампанія адказвае ўсім патрабаванням да ўдзельнікаў конкурсу.

Песенны конкурс Еўрабачання сёлета пройдзе ў пачатку мая ў шведскім Мальмё.

Чытайце таксама:

«Еўрабачанне-2024» пройдзе ў шведскім горадзе Мальмё. Яго там ужо праводзілі двойчы

Дзмітрый Калдун расказаў, як расійскі прадзюсар Дробыш не пускаў яго на «Еўрабачанне» ад Беларусі

У Расіі абвясцілі ў вышук пераможцу «Еўрабачання»

Клас
4
Панылы сорам
20
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
7