Знайсці
04.08.2023 / 14:3825РусŁacБел

Беларусы ўдвая болей сталі чытаць пра сваё па-беларуску. Такі трэнд назіраецца ў «Вікіпедыі» з 2020 года

«Наша Ніва» паглядзела, як паўплывалі лёсавызначальныя падзеі ў Беларусі на цікавасць беларусаў да сваёй мовы і культуры. Дзеля гэтага мы звярнуліся да «Вікіпедыі», адной з апор беларушчыны ў інтэрнэце. Цікава было высветліць, да якіх асоб найбольш вырас інтарэс.

З дапамогай інструмента «статыстыка наведванняў», даступнага для ўсіх ва ўкладцы «Паказаць гісторыю» ўверсе кожнага артыкула, мы прааналізавалі, як змянялася колькасць праглядаў у беларускай «Вікіпедыі» апошнія гады. Былі адабраныя найбольш вядомыя асобы са ста самых наведвальных артыкулаў беларускага раздзела. Каб захапіць і 2023 год, мы параўноўвалі перыяд з 1 студзеня па 31 мая кожнага года пачынаючы з 2019 года.

У першую чаргу папулярнасцю, вядома, карыстаюцца артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў, што тлумачыцца школьнай праграмай: на графіках наведвальнасці добра прасочваюцца ўсплёскі, калі вучні ў школах праходзяць творы пісьменнікаў. Але гэта ніяк не тлумачыць таго, што адбывалася з гэтымі артыкуламі апошнія пяць гадоў. 

Партрэт Максіма Багдановіча. Фота: Wikimedia Commons

Багдановіч — лідар па росце чытачоў. Праз пару гадоў беларуская версія артыкула пра паэта можа абысці па чытальнасці рускую

Большасць беларускіх пісьменнікаў «падраслі» з 2019—2020 гадоў у два і больш разы. Найбольшы рост, амаль у чатыры разы, з 6 тысяч да 23 тысяч за апошнія пяць гадоў, паказаў паэт Максім Багдановіч.

Радкі ягонага гімна «Пагоня», асабліва «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» і «Не давайце чужынцамі быць!», адгукаюцца ў сэрцах усё большай колькасці беларусаў пасля 2020 года. Цікава, што ў рускім раздзеле такога ж бурлівага росту не назіраецца. Хоць пакуль па колькасці праглядаў рускамоўная старонка пра паэта і апярэджвае беларускамоўную, але калі трэнд захаваецца і надалей, то праз некалькі гадоў справа пераменіцца на карысць беларускай мовы.

Янка Купала і Якуб Колас у 1940-я. Фота: Wikimedia Commons

 

Беларускія класікі актуальныя як ніколі. Статыстыка беларускамоўных старонак

Не нашмат меншы рост паказваюць і тытаны беларускай літаратуры — Янка Купала і Якуб Колас. Калі Колас «падрос» у два з паловай разы, то Купалу па-беларуску сталі чытаць больш як у тры разы часцей, з 15,7 тысячы ў 2019 да 49,4 тысячы сёлета. Відаць, гэты рост звязаны з тым, што нацыянальна-вызваленчы пафас ягоных дасавецкіх твораў надзіва моцна перагукаецца з сённяшнім часам. Многія творы Купалы пакладзеныя ў аснову сучасных пратэсных песень і цытуюцца як заклікі да дзеяння і яднання супраць агульнай бяды. 

Францыск Скарына. Фота: Wikimedia Commons

Рэзкі рост папулярнасці Скарыны ў 2023 годзе, хутчэй за ўсё, звязаны са змяненнем школьнай праграмы. Статыстыка беларускамоўнай старонкі

Аналагічны трохразовы рост паказвае краевугольны камень нашай нацыянальнай самасвядомасці — постаць першадрукара Францыска Скарыны. Найбольш магутны скачок адбыўся сёлета, і яго немагчыма вытлумачыць нейкімі знамянальнымі датамі. Наўрад ці да гэтага спрычынілася і адкрыццё новага памятнага знака на месцы яго друкарні ў Празе. Магчыма, з гэта года былі ўнесены змены ў школьную праграму. У такім выпадку гэта яшчэ раз паказвае важнасць нацыянальнай адукацыі. 

Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў

У Караткевіча і Быкава рост не такі прыкметны, але толькі таму, што пра іх заўсёды добра чыталі 

Уладзімір Караткевіч, аўтар рамантычна-патрыятычных раманаў і аповесцяў, з першага погляду «падрос» не так значна, як Багдановіч, але варта звярнуць увагу, што ў 2019 годзе ён пачаў з высокай адзнакі, саступаючы па папулярнасці толькі Купалу. Адчувальны рост паказвае і бескампрамісны ў сваёй ваеннай прозе Васіль Быкаў, але пры гэтым ён пакуль значна саступае іншым народным пісьменнікам, пералічаным вышэй. 

Упэўнена расце папулярнасць і Францішка Багушэвіча, пачынальніка новай беларускай літаратуры другой паловы XIX стагоддзя, аўтара бессмяротнага закліку «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», які ён змясціў у прадмове да сваёй «Дудкі беларускай». 

Пачынальнік новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч і ягоная «Dudka białaruskaja», запісаная лацінкай. Фота: Wikimedia Commons

Чым больш улады змагаюцца з лацінкай, тым больш яна цікавіць людзей

У два разы вырасла цікавасць беларусаў да лацінкі, аднамомантны рост амаль у два разы адбыўся летась, у 2022 годзе, акурат калі рэжым Лукашэнкі распачаў кампанію па «дэпаланізацыі». Ахвярай гэтай кампаніі ў першую чаргу стала беларуская лацінка, якая яшчэ ў пачатку XX стагоддзя была наўмысна аддалена ад польскага алфавіта. Але дзеянні ўлад маюць, як бачна, супрацьлеглы эфект.

Што ж тычыцца любых палітычных і гістарычных дзеячаў, то яны моцна саступаюць пісьменнікам, але і пра іх чытаюць з году ў год усё часцей. У гэтым выпадку паказальныя асобы кіраўнікоў двух паўстанняў на Беларусі супраць Расійскай Імперыі — Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Калі папулярнасць Касцюшкі, даволі далёкага ад нас па часе, з незразумелым нацыянальным самавызначэннем, расце досыць павольна, то

постаць Каліноўскага, якога ўсе дэмакратычныя сілы адназначна адносяць да нацыянальных герояў Беларусі, паказвае рост у два разы з 2020 года.

Менавіта гэта, бо ўсплёск 2019 года адназначна звязаны з выключна медыйным гучным перапахаваннем парэшткаў паўстанца ў Вільні, якое сёння, нароўні са святкаваннем 100-годдзя БНР, бачыцца зыходным пунктам карэнных пераўтварэнняў у беларускім грамадстве.

Героі дэмакратычна-нацыянальнага лагера, Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, і іхнія душыцелі, Аляксандр Сувораў і Міхаіл Мураўёў-Віленскі, якія навязваюцца беларусам прарасійскімі сіламі як новыя героі. Фота: Wikimedia Commons

Постаць Кастуся Каліноўскага ў 2022 годзе абудзіла нязвыклую цікавасць у рускай «Вікіпедыі». Але беларусы, хоць і чытаюць усё больш пра «гаспадара з-пад Вільні», аддаюць перавагу дзеячам культуры. 

Чарговы значны ўсплёск, пасля якога цікавасць да Каліноўскага толькі расце, — з’яўленне добраахвотніцкага батальёна (а пазней — палка) імя Каліноўскага, які бароніць Украіну ад расійскай агрэсіі і на які многія глядзяць як на будучых вызваліцеляў Беларусі.

У рускай «Вікіпедыі» пасля магутнага ўсплёску ў пачатку расійскага ўварвання, калі многія расіяне жадалі проста даведацца хоць нешта пра беларускага паўстанца, імя якога, мабыць, ніколі раней не чулі, цікавасць ужо на наступны год пайшла на спад. 

Беларусаў зусім не цікавяць расійскія «вызваліцелі»

А вось новыя «нацыянальныя героі», якіх штучна стварае для беларусаў дзяржаўная прапаганда і прарасійскія сілы, зусім не цікавяць беларусаў. Гэтыя постаці ставяцца на п’едэстал у першую чаргу таму, што яны змагаліся супраць сапраўдных герояў і за расійскі царызм на Беларусі.

Рэдактары «Свабоднай энцыклапедыі» адзначаюць, што раней такога не было, і мяркуюць, што прычын росту папулярнасці беларускага раздзела «Вікіпедыі», які выразна прасочваецца з 2020 года, можа быць некалькі. 

Па-першае, гэта нацыянальны характар рэвалюцыі, якая няхай і не дамаглася палітычных мэтаў, але абудзіла мільёны беларусаў, падвысіла сацыяльны статус беларускай мовы, зрабіла яе звыклым інструментам камунікацыі, ператварыла раней «апазіцыйную» сімволіку ў сапраўды нацыянальную, уцягнула вялікія масы людзей у справу пашырэння беларушчыны.

Па-другое, беларуская «Вікіпедыя» няспынна вядзе працу па паляпшэнні артыкулаў менавіта беларускай тэматыкі, у той час як у іншых раздзелах, у тым ліку рускім, такія артыкулы ствараюцца адзін раз і пасля рэдка перапрацоўваюцца. 

Некалькі гадоў таму артыкул пра беларускага дзеяча Сымона Рак-Міхайлоўскага складаўся з чатырох абзацаў, сёння ён адзначаны сіняй зорачкай, як адзін з найлепшых артыкулаў у беларускай «Вікіпедыі» 

Беларусы загружаюць тысячы гістарычных і сучасных фотаздымкаў, якімі багата ілюструюцца артыкулы, дадаюць новыя аўтарытэтныя крыніцы, якіх усё больш з’яўляецца ў вольным доступе, публікуюць вядомыя творы пісьменнікаў, што перайшлі ў грамадскі набытак, у тэксце артыкулаў прастаўляюць спасылкі на звязаныя тэмы, паляпшаюць і прыводзяць да адзінага стандарту афармленне, падключаюць тэхнічныя сродкі аўтаматызацыі напаўнення картак (таблічак, размешчаных справа зверху ў артыкулах, дзе коратка прыводзяцца асноўныя звесткі), ствараюць «спадарожнікавыя» артыкулы, якія раскрываюць сутнасць нейкіх з’яў і падзей, — у выніку беларушчына ў «Вікіпедыі» становіцца жывым арганізмам, надзейна звязаным у адно цэлае ўзаемнымі спасылкамі, па якіх чытач можа «вандраваць» бясконца.

Не так значна, але няспынна расце колькасць рэдактараў, а гэта значыць, што яны прыносяць у энцыклапедыю тэмы, якія цікавыя ім, і распрацоўваюць іх па-беларуску. 

Бо літаральна кожны, у каго ёсць доступ да інтэрнэту, можа не толькі чытаць, але і сам паляпшаць артыкулы: дастаткова проста націснуць «Правіць» уверсе артыкула або перайсці па «чырвонай спасылцы» і стварыць артыкул з нуля.

Пры рускамоўным інтэрфейсе Google атрымаць у выдачы беларускую «Вікіпедыю» вельмі складана. Выйсце адно — змяніць мову на беларускую. 

Але адмыслоўцы кажуць, што ўвогуле цуд, што хоць нехта трапляе на старонкі беларускага раздзела «Вікіпедыі». Напрыклад, карыстальнікам рускага інтэрфейса Google нават пры беларускамоўным запыце ў большасці выпадкаў выдае ў першую чаргу аналагічны артыкул у рускай «Вікіпедыі», потым — у раздзеле «тарашкевіцай», а раздзел афіцыйным правапісам — амаль ніколі. Пры гэтым раздзел «тарашкевіцай», які калісьці лідзіраваў у змаганні беларускіх «Вікіпедый», цяпер значна менш распрацаваны за «акадэмічны» (83 тысячы артыкулаў супраць 233 тысяч). Пакуль выйсце адно — пераходзіць на беларускі інтэрфейс пошукавіка.

Тым не менш нават у такіх неспрыяльных умовах агульная наведвальнасць раздзела вырасла ў паўтара разу з 2020 года. Калі раней беларускія тэмы па-беларуску чытаў толькі кожны шосты наведвальнік энцыклапедыі, а астатнія аддавалі перавагу рускамоўнаму артыкулу, то цяпер ужо кожны трэці. І пакуль гэты пазітыўны трэнд захоўваецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Інфармацыю пра ўдар па саборы ў Адэсе ўнеслі ў Вікіпедыю за некалькі гадзін да самога ўдару». Як так?  

Скандал у рускай «Вікіпедыі» можа быць прадвеснікам татальнай блакіроўкі свабоднай энцыклапедыі

Вікіпедысту Марку Бернштэйну прысудзілі тры гады хатняй «хіміі» 

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
50
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6
3
Анфиса/адказаць/
05.08.2023
Рокі, так и пиши там в свой вольный час. А мне это зачем? Я не доброахвотник. Плохо работает, похоже.
0
trifleas/адказаць/
06.08.2023
I wish you good luck and want you to survive., Belarusians.  I still remember my trip, when I visited Minsk. It was in 1989, I think. Minsk was the station in between Warsaw and Vilnus. I wrote my comment in English, because someone told me that you hate Polish language.

Best wishes from Los Angeles!
0
Вероятный/адказаць/
07.08.2023
trifleas, nieprawda, nie nienawidzimy polskiego :) Dziękuję serdecznie za życzenia. Mam nadzieję, że za jakiś czas między nami a UE nie będzie już granicy i bracia Polacy będą mieli okazję zwiedzić wolny Mińsk!  
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031