Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка

Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка

«Пражскія беларусы (а менавіта, чэшскі сектар Рады БНР і суполка «Скарына») аплацілі арэнду магілаў прэзідэнта БНР Пётры Крэчэўскага і спявака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанах на наступныя 10 гадоў (максімальны тэрмін, потым яго можна працягнуць).

«Арэнда магілы» — у нашым, беларускім успрыманні, гучыць, мякка кажучы, нязвыкла. Але ў шмат якіх краінах Еўропы такі закон: месца пад пахаванне купляецца на пэўны тэрмін, і калі па яго завяршэнні аплата не ўносіцца ізноў — яно можа быць прададзенае пад іншае пахаванне.

У выпадку з прэзідэнтамі БНР Крэчэўскім і Захаркам крыху больш як дзесяць год таму падобнае ледзь не здарылася — людзі, якія ў свой час афармлялі дакументы, з'ехаўшы з Прагі, забыліся іх перадаць і не паведамілі пра тэрмін завяршэння дамовы.

У выніку, беларусы згубілі права ўласнасці на надмагільныя помнікі — праўда, нам прапанавалі іх выкупіць у адміністрацыі, але за такія вялікія грошы, якіх у нас папросту не было», — напісаў Сяргей Навумчык.

Ён кажа, што давялося весці перамовы з адміністрацыяй могілак, шукаць нейкае кампраміснае рашэнне. Ім пайшлі насустрач, але вось ужо дзесяць гадоў гэта, строга кажучы, не арэнда, а шэфства над магіламі, за якое да таго ж павінны плаціць.

«Таксама, мы забрукавалі за свой кошт даволі працяглую сцяжыну да адной з магілаў — такая была ўмова.

Але затое цяпер мы пэўныя, што магілы застануцца. І штогод, на Дзяды і на Дзень Волі, можна прыйсці да іх і пакласці кветкі».

«Сотні, тысячы магілаў беларусаў у дзясятках краінаў на розных кантынентах — страчаныя. Амбасады РБ яны не цікавілі і не цікавяць — тады як украінскія, польскія, літоўскія дыпмісіі апекваюцца месцамі супакаення сваіх суродзічаў. Гэта і не дзіўна: РБ не зʼяўляецца беларускай дзяржавай, яе кіраўніцтва знішчае ўсё беларускае, знішчае паслядоўна і мэтанакіравана.

Вядома, у эмігрантаў, асабліва новых, хапае клопатаў. І ўсё ж мы павінны памятаць і пра тых, хто быў да нас — бо ніхто іншы пра іх памяць не паклапоціцца», — рэзюмуе Сяргей Навумчык.

Чытайце таксама:

«Мы ад вас далёка, бацькоўскія гоні». Пабачыў свет грунтоўны энцыклапедычны даведнік (610 старонак) па беларускіх могілках у замежжы

Роўна 106 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка

$5000 за месца на могілках, $330 за святара. На што хлопец Лізы патраціць сабраныя грошы?

Клас
29
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
2