Фота: David Turnley / Corbis / VCG via Getty Images

Фота: David Turnley / Corbis / VCG via Getty Images

У 2023 годзе праз вайну ва Украіне знізілася цікавасць да рускай мовы ва ўсім свеце. Цяпер больш людзей вывучаюць украінскую. DW знаёміць з тэндэнцыямі ў вывучэнні замежных моў.

Duolingo — самы папулярны ў свеце бясплатны мабільны дадатак, які спецыялізуецца на адукацыйных курсах, уключаючы вывучэнне замежных моў. Штогадовая справаздача Duolingo грунтуецца на даных мільёнаў карыстальнікаў гэтым дадаткам па ўсім свеце і даюць унікальную інфармацыю аб тым, якія мовы найбольш папулярныя і як змяняецца цікавасць да іх ва ўсім свеце.

Справаздача Duolingo Language Report 2023 заснаваная на даных карыстальнікаў, якія вывучалі мовы па дадатках Duolingo з 1 кастрычніка 2022 года па 30 верасня 2023 года. У яго не ўвайшлі даныя аб навучэнцах ва ўзросце да 13 гадоў.

Англійская мова лідзіруе ў рэйтынгу

Нядзіўна, што англійская застаецца самай папулярнай замежнай мовай у свеце. І сёлета яна заняла першае месца сярод 122 краін свету. Рэйтынг самых вывучаных моў у свеце выглядае так: за лідарам рэйтынгу — англійскай — ідуць іспанская, французская, нямецкая, японская, карэйская, італьянская, хіндзі, кітайская і партугальская мовы.

У гэтым годзе ў рэйтынг упершыню ўвайшлі Афганістан, Мальдывы і Мальта. У многіх частках свету англійская мова мае важнае значэнне для эканамічнага і акадэмічнага абмену інфармацыяй. Асабліва вялікая цікавасць да англійскай сярод навучэнцаў у Азіі.

Партугальская выцесніла рускую мову з лідараў

З моманту запуску першага курса рускай мовы на Duolingo ў 2015 годзе, руская мова рэгулярна ўваходзіла ў топ-10. Аднак у гэтым годзе яе выцесніла на 11 месца партугальская мова.

Гэты факт, на думку экспертаў, адлюстроўвае дзве важныя культурныя змены: зніжэнне цікавасці да рускай мовы з-за вайны ва Украіне і ўзрослая цікавасць да Бразіліі і Партугаліі, асабліва сярод турыстаў.

Партугальская мова таксама папулярная сярод суседзяў Бразіліі: яна займае другое месца сярод замежных моў у Балівіі, Парагваі, Уругваі і Венесуэле. У Парагваі і Уругваі цікавасць да вывучэння партугальскай мовы самая вялікая ў свеце: там гэтую мову вывучае прыкладна кожны пяты чалавек.

Цікавасць да вывучэння ўкраінскай мовы

Вайна ва Украіне ўплывае на рост цікавасці да ўкраінскай мовы. 37 адсоткаў людзей ва ўсім свеце бачаць у вывучэнні ўкраінскай магчымасць праявіць салідарнасць з украінцамі і наладзіць зносіны з імі (паводле інфармацыі ў блогу Duolingo).

У 2023 годзе краінамі, у якіх больш за ўсё вывучаюць украінскую мову, былі ЗША, Вялікабрытанія, Польшча, Расія і сама Украіна. Аўстралійцы вывучаюць украінскую мову найбольш паслядоўна, за імі ідуць Канада і Фінляндыя.

Клас
50
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4