«Белпол» затроліў Ігара Тура — здабылі пасведчанне прапагандыста з Усебеларускага сходу

У адказ на пашпарт новай Беларусі, які вырабілі прапагандысты, Белпол паказаў узор пасведчання ўдзельніка Усебеларускага народнага сходу на імя Ігара Тура.

25.04.2024 / 14:17

Пасведчанне дэлегата Усебеларускага народнага сходу, якое вырабіў Белпол. Скрын відэа osbbelpol / YouTube

На канале аб'яднання былых сілавікоў Беларусі «Белпол» з'явілася відэа, у якім Мацвей Купрэйчык заяўляе, што ім перадалі «адну вельмі дзіўную рэч і прасілі перадаць прывітанне аднаму адыёзнаму прапагандысту».

Затым мужчына дэманструе пасведчанне дэлегата Усебеларускага народнага сходу (УНС), аформленае на імя Ігара Тура.

«Дзіўная штуковіна, мінулае стагоддзе», — каментуе Купрэйчык і тлумачыць, што сэнс заключаецца ў іншым. Насамарэч у яго ў руках падробка, такая ж самая, як і пашпарты новай Беларусі, якія «радасна і віляючы хвосцікам дэманстраваў Тур у эфіры «прапагандыст ТБ».

Але пікантнасць сітуацыі, працягвае Купрэйчык, заключаецца ў тым, што калі ўзоры пашпарта новай Беларусі былі ў адкрытым доступе, то рэквізітаў пасведчання дэлегата УНС не было.

«Ігарок, спытаеш там у сваіх гаспадароў, дзе можна знайсці такія дакуменцікі», —

з'едліва гаворыць прадстаўнік Белпола і тлумачыць, што ён хацеў сказаць сваім перформансам:

«Унутры сістэмы застаецца вялізная колькасць сумленных і справядлівых беларусаў. 2020-ты год паказаў, што нас з вамі большасць. І вельмі хутка, я ўпэўнены, настане час, калі мы ўсе разам будзем будаваць новую Беларусь. Разам да перамогі».

Прапагандыст Тур, які крытыкаваў сонных чыноўнікаў на нарадах, сам заснуў падчас прамовы Лукашэнкі

На АНТ паказалі пашпарт «Новай Беларусі» на імя неіснуючага кэдэбіста. Кавалеўскі: У нас яшчэ нават няма ўзораў

Ахоўваць Усебеларускі народны сход будуць тры тысячы сілавікоў

Nashaniva.com