Гордан Блэк. Фота: Shot
Расійская і амерыканская прэса паведамляюць, што ва Уладзівастоку на мінулым тыдні быў арыштаваны сяржант амерыканскай арміі Гордан Блэк. Расійскія ўлады кажуць, што гаворка ідзе пра чыста бытавое злачынства — збіццё і крадзеж, піша Бі-бі-сі.
Гордан Блэк быў арыштаваны Першамайскім раённым судом Уладзівастока 3 мая.
У панядзелак прэс-аташэ сухапутных сіл арміі ЗША Сінція Сміт паведаміла прэсе, што міністэрства абароны паведаміла аб арышце штаб-сяржанта Гордана Блэка яго родных, а Дзярждэпартамент аказвае яму неабходную консульскую падтрымку.
Па інфармацыі з расійскіх крыніц, Блэк прыехаў ва Уладзівасток да сваёй дзяўчыны, з якой пазнаёміўся, па адных даных, у Паўднёвай Карэі, а па іншых — праз інтэрнэт, праз некаторы час збіў яе і скраў 200 тысяч рублёў (каля 2200 даляраў).
Амерыканская тэлекампанія NBC у панядзелак паведаміла, што Блэк служыў у Паўднёвай Карэі, а ва Уладзівасток адправіўся перад паездкай дадому, не паведаміўшы пра гэта камандаванню.