Нэлі Панкратава/Малярова. Фота з сацсетак
Нэлі Малярова нарадзілася 14 лістапада 1995 года ў Наваполацку, яе дзявочае прозвішча — Панкратава. У сеціве пра яе амаль няма інфармацыі, апрача толькі таго, што яна, будучы студэнткай Полацкага ўніверсітэта, у чэрвені 2016 года стала пераможцай XXII Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, а таксама напісала навуковую працу «Удасканаленне механізму выбару грузаперавозчыкаў у ланцугу паставак прадукцыі прамысловага прадпрыемства».
У сакавіку 2021 года Нэлі Панкратава працавала ў лагістычнай кампаніі ТАА «БелКазТранс», якая афіляваная з адным з самых уплывовых «кашалькоў» рэжыму Мікалаем Вараб'ём і была ўключаная ў шматмільярдныя схемы па кантрабандзе вугалю і нафтапрадуктаў.
Сам Верабей трапіў пад санкцыі ЕС яшчэ ў снежні 2020 года і пасля таго стаў перапісваць свае актывы на падстаўных людзей. Сярод гэтых людзей ёсць і Ірына Эдуардаўна Панкратава — сястра бацькі Нэлі Панкратавай.
Аднак пасля таго, як у жніўні 2021 года ЗША ўвялі санкцыі не толькі супраць Мікалая Вараб'я, але і супраць шэрагу яго кампаній, у тым ліку «БелКазТранс», то простае перапісванне ўладальнікаў працаваць перастала. Тады ў верасні 2021 года з'явілася ТАА «Лагістык Энэрджы» — аналаг «БелКазТранса», які зарэгістраваны па тым жа самым адрасе ў Мінску (пр. Пераможцаў, 116) і займаецца тым жа самым бізнэсам.
У рэйтынгу беларускіх транспартна-лагістычных кампаній за 2022 год паводле аб'ёму аказаных лагістычных і транспартна-экспедыцыйных паслуг «Лагістык Энэрджы» знаходзілася ўжо на 3-м месцы, а «БелКазТранс» усяго толькі на 33-м.
ТАА «Лагістык Энэрджы» зарэгістравала і з'яўляецца яе 100% уладальніцай Нэлі Барысаўна Малярова, яна ж супрацоўніца «БелКазТранс» Нэлі Панкратава. На момант стварэння гэтага бізнэсу, які неўзабаве стаў найбуйнейшым у Беларусі, дзяўчыне было ўсяго 25 гадоў, і пра яе бізнэс-таленты нікому не было вядома.
Чытайце таксама:
Порт для Беларусі ў Мурманску будзе будаваць былы дырэктар «Белшыны», якога год таму арыштоўвалі
Беларусь пабудуе ў Мурманску порт для перавалкі грузаў магутнасцю 25-30 млн тон
Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Верабей трапіў у прыцэл сілавых структур