Вольга Філатчанкава. Фота: уласны архіў

Вольга Філатчанкава. Фота: уласны архіў

Дапамагчы былой палітзняволенай можна тут.

«Як сто чалавек маглі прагаласаваць, калі яны нават не ўвайшлі ў школу?»

Вользе Філатчанкавай 45 гадоў. Большую частку жыцця яна прапрацавала праграмісткай, а з 2017-га пайшла на падпрацоўку ў БДУІР. Выкладала там на паўстаўкі, «для душы». 

«Мне падабалася бачыць маладыя твары, разумныя. Наша кафедра [праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій] — адна з самых моцных ва ўніверы. А калі чалавек зацікаўлены ў тых ведах, што ты яму даеш, працаваць з ім — адно задавальненне. Яны самі ведаюць, што гэта ім трэба», — згадвае Вольга ўніверсітэт.

Яшчэ ў юнацтве яна была неабыякавай да грамадскіх падзей: «З 1996 года я ўдзельнічала ў розных акцыях, была супраць таго, што адбываецца ў нашай краіне. У 1994-м, падчас першых прэзідэнцкіх выбараў, мне было 15 гадоў, я не магла галасаваць. У 1996-м, калі адбываўся рэферэндум, таксама яшчэ не галасавала, мне было 17. Але сваю грамадскую пазіцыю нікуды не хавала».

У 2020-м Вольга пайшла ў незалежныя назіральніцы на выбарах. Працавала не на адным участку, а на трох: акрамя ўчастка ў сваім раёне, назірала ў Атоліна, недалёка ад свайго лецішча, і ў атолінскай бальніцы. 

Яна пабачыла, што незалежных назіральнікаў не пускаюць на ўчастак, што адбываецца шмат парушэнняў. Лічыла, хто ўвайшоў у школу за час назірання, і бачыла, што па афіцыйных даных прагаласавала, напрыклад, сто чалавек. Але як сто чалавек маглі прагаласаваць, калі яны нават не ўвайшлі ў школу, а ўвайшоў адзін чалавек?

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Восенню давялося вяртацца да працы, хаця падзеі навокал не спрыялі навучанню. БДУІР — месца, што сабрала студэнтаў з высокімі прахаднымі баламі і добрай адукацыяй, якія імкнуцца да добрага заробку, то-бок гэта таленавітыя і матываваныя студэнты, якія аналізуюць у тым ліку і падзеі навокал. Выбары і паслявыбарчыя падзеі іх вельмі ўсхвалявалі.

Што да самой Вольгі, яна падпісала жнівеньскі зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту і паўдзельнічала ў аналагічным відэазвароце выкладчыкаў БДУІРа. А 26 кастрычніка 2020 года далучылася да страйку.

12 лістапада да яе дахаты прыйшлі з КДБ, пасля ператрусу жанчыну затрымалі. Вольга — далёка не адзіная беларуская выкладчыца, якая выступіла супраць гвалту, дык чаму ж узялі менавіта яе? Жанчына шмат пра гэта думала: «У мяне няма на гэтае пытанне адказу. Вырашыла, што я проста самая прыгожая (смяецца)».

«Падзельнікі? Класныя, вельмі добрыя дзеці»

Першы час пасля затрымання Вольга знаходзілася ў СІЗА КДБ. Галоўны ўспамін з таго часу — холад: да лістападаўскага надвор’я дадалося тое, што спаць ёй давялося блізка да падлогі.

Паступова жанчына пазнаёмілася з «падзельнікамі» па справе:

«Яну Арабейка я сустрэла ў камеры СІЗА КДБ, мы пагутарылі і зразумелі, што праходзім па адной справе. А потым пабачылі па целіку ў камеры, што 12 лістапада затрымалі шмат студэнтаў па адной справе. Потым нас перавезлі на Валадарку, і ў калідоры я пабачыла астатніх сваіх «падзельнікаў», да судоў мы разам вывучалі справу ў кабінетах СІЗА.

Як ад іх уражанне? Яны класныя, вельмі добрыя дзеці, такія таленавітыя і шчырыя. Вельмі рада, што з імі пазнаёмілася».

Вольга расказвае, што на судзе ні на што не спадзявалася, бо ўсё паказвала — ніхто іх не адпусціць без тэрміну. «Усе казалі — вы не будзеце сядзець увесь свой тэрмін, трошкі пасядзіце, і вас адпусцяць, але ніхто ж не адпусціў. Пасля прысуду я настройвала сябе, што мы будзем сядзець свой тэрмін, і хутчэй за ўсё да канца. Нічога не казала, што нас хутка адпусцяць».

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Калі ты спадзяешся, а потым твае спадзяванні накрываюцца мядніцай, гэта дастаткова моцны ўдар, тлумачыць Вольга. У абставінах СІЗА ці зоны такі ўдар складана вытрымаць, бо і так сіл не надта шмат. Вольга бачыла дзяўчат, якія спадзяваліся то на амністыю, то на нешта яшчэ, а калі амністыя не ўлічвала палітвязняў, ім было вельмі дрэнна. 

Канчатковы прысуд жанчыны — два з паловай гады зняволення.

У Вольгі двое дзяцей, і яна дзеліцца, што расстанне з імі было самым цяжкім: «Не можаш бачыць, як расце твая дачка, не можаш абняць сына. Любому чалавеку вельмі складана расставацца са сваімі блізкімі і сябрамі, асабліва калі ты не сам вырашыў так зрабіць. Кожны дзень я пісала сваім дзецям, каб яны ўвесь час адчувалі, што мама на іх не забылася».

Год, месяц і 8 дзён жанчына правяла ў калоніі. Вольга згадвае той час як перыяд, калі яна быццам сабе не належала, бо мусіла жыць па жорсткім рэжыме, хаця і гэта не гарантавала ёй бяспеку ад прэтэнзій і рапартаў. З іншага боку, у калоніі яна магла хаця б хадзіць па тэрыторыі, бачыць кветкі і неба, і таму адчувала сябе трохі больш вольна.

Складанымі для жанчыны былі і пастаянныя праверкі, падчас якіх яна мусіла стаяць на вуліцы. Асабліва цяжка было трываць іх у маразы, бо казённыя целагрэйкі не ўратоўвалі ад холаду, і Вольга дрэнна пераносіць такое надвор’е. 

За кратамі жанчыну падтрымлівалі яе студэнты. Яна асабліва адзначае такі знак увагі: «Ведаю, што было відэа, у якім мяне віншавалі з днём нараджэння хітрым чынам: яны намалявалі маю фігурку, хадзілі з ёй па ўніверы і ўсё мне паказвалі». 

Фота: студэнцкія тэлеграм-каналы

Фота: студэнцкія тэлеграм-каналы

Ці сумавала па працы? Канешне, гэта ж нармальная праца, а не шыццё на машынцы, як у калоніі. Шыць я ўмею, але рабіць гэта за кратамі — не вельмі добрая праца, бо да цябе дрэнна ставяцца. Калі ты толькі прыйшла і ў цябе нешта не атрымліваецца, на цябе крычаць і супрацоўнікі, і самі зэчкі-брыгадзіркі. Як чалавек, які ніколі не шыў, можа сесці за машынку і выдаваць норму?».

На ўсім шляху, расказвае Вольга, ёй дапамагаў яе аптымізм. Калі бачыць усё ў шэрым святле, кажа былая палітзняволеная, нават на фізічным узроўні ў цябе пачынае ўсё ламацца, не кажучы пра псіхіку. А калі думаць, што ўсё будзе добра, жыццё сапраўды пачынае наладжвацца.

«Мне настолькі пашчасціла ў жыцці! У мяне проста цудоўныя сваякі, дзеці, сябры, як я магу на штосьці скардзіцца? Так, бываюць у жыцці выпадкі, калі даводзіцца пасядзець два гады, але гэта было і прайшло, а мае людзі ўвесь час са мной», — дадае жанчына.

«Ёсць, дзе спаць і што есці, а далей мы разбяромся»

Адразу пасля вызвалення Вольга засталася ў Беларусі. Першае ўражанне ад краіны — страх: «У грамадстве пануе страх за сябе, за родных, людзі баяцца сказаць нешта не тое, менш камунікуюць паміж сабой. Людзі проста маўчаць і чакаюць».

Жанчына расказвае, што калі былы зняволены прыходзіць рэгістравацца ў мясцовы РУУС, яму адразу пачынаюць казаць, каб ішоў на працу, бо ў іншым выпадку трэба будзе хадзіць у РУУС штодзень. Некаторыя экс-палітвязні звяртаюцца ў фонд занятасці, але тамтэйшыя працадаўцы, калі бачаць у біяграфіі палітычны артыкул, не хочуць браць — маўляў, «нам не трэба непрыемнасці». Часам складана знайсці нават простую працу дворніка ці прыбіральшчыцы. Вольга змагла ўладкавацца ў культурніцкай сферы.

Знайсці працу — не адзіная цяжкасць для былых палітвязняў у Беларусі: «Трэба было кожную сераду хадзіць у маё РУУС, каб адзначацца. Нікога не хвалюе, можа, у цябе праца ці нешта іншае, а дзясятай мусіш прыйсці. Ды і сама атмасфера ў Беларусі не спрыяе таму, каб было лёгка».

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Вольга ў 2019 годзе. Фота: уласны архіў

Яшчэ ў калоніі Вольга пачала разумець, што, напэўна, ёй прыйдзецца з’язджаць з краіны. Але ж рабіць гэта пасля вызвалення не стала, бо атрымала невыязны статус. Аднак некалькі месяцаў таму жанчынай зноў зацікавіліся, і яна задумалася пра эвакуацыю: «Без канкрэтнай пагрозы я б, канешне, не з‘ехала. Калі суміраваць усё, што адбывалася, такім людзям, як я, хто ўжо адбыў свой тэрмін, існаваць у Беларусі было ўсё страшней і страшней. 

Мне вельмі не хацелася з’язджаць, бо Беларусь — мая краіна. Чалавеку, які любіць сваю краіну, няпроста яе пакінуць. Калі б усё было нармальна, я б ніколі не хацела жыць у іншай краіне, чым Беларусь. У нашай краіне вельмі шмат добрых людзей, я люблю мой родны Мінск. Можа, у Еўропе ці Злучаных Штатах прырода прыгажэйшая за нашу, але гэта ўсё маё. Я ведаю ў Мінску кожную дзірку, люблю па ім хадзіць, і нават калі неба ў Мінску шэрае, я яго ўсё роўна люблю».

Старэйшы сын Вольгі паўнагадовы і пераехаў за мяжу раней, таму цяпер яна ўзяла з сабой дзесяцігадовую дачку. З сабой у іх было толькі два заплечнікі. Жанчына падалася на міжнародную ахову ў Польшчы і чакае, калі атрымае магчымасць афіцыйна працаваць. Яна гатовая да любой працы — кажа, што горш за шыццё ў калоніі нічога не будзе, а пасля калоніі ёй нічога не страшна.

«Не баюся будучыні, бо маю адчуванне, што ў мяне ўсё атрымаецца. Дзякуй Богу, ёсць, дзе спаць і што есці, а далей мы разбяромся. Вакол мяне шмат сяброў і проста неабыякавых людзей, якія гатовыя мне дапамагчы, таму не адчуваю сябе кінутай, настрой у мяне баявы», — дзеліцца.

Вольга дзякуе ўсім, хто яе падтрымліваў і падтрымлівае, без падтрымкі ёй было б нашмат цяжэй. Лісты і іншыя вітанні з волі давалі апору, каб не зламацца і не раскіснуць. І нават калі пачалі перадаваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, жанчына ўсё роўна адчувала хвалю чалавечай падтрымкі — для яе гэта было крыніцай так неабходнай моцы.

Яна адзначае і тых, з кім пазнаёмілася за кратамі: «Я столькі добрых людзей там сустрэла! Шмат хто з іх стаў маімі сябрамі на ўсё жыццё. Самае цэннае ў нашым жыцці — гэта людзі, і мабыць, у іншых абставінах я з імі ніколі б не сустрэлася. Гэта я лічу адзіным плюсам усяго».

Чытайце таксама:

«У СІЗА так адвыкла ад святла, што ў калоніі не магла цалкам расплюшчыць вочы». Экс-палітзняволеная — пра тры гады за кратамі за чаты ў тэлеграме

«Мой тата не вытрымаў бы Акрэсціна». Вольга Такарчук расказала пра арышт у 2021-м, Валадарку, калонію, паўторнае затрыманне і вымушаныя ўцёкі з сям'ёй у 2024-м

Былая салістка філармоніі можа застацца з трыма дзецьмі на вуліцы

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?