уладзімір пуцін владимир путин

Уладзімір Пуцін у свой 71 год заступае на новы прэзідэнцкі тэрмін. Фота: Sergey Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

Па афіцыйных даных, пасля падліку 99,52 працэнта пратаколаў Пуцін набраў 87,33% галасоў.

На другім месцы — кандыдат ад КПРФ Мікалай Харытонаў з 4,3% галасоў. Уладзіславу Даванкову ад партыі «Новыя людзі» дасталася 3,81% галасоў. Леаніду Слуцкаму ад ЛДПР афіцыйна налічылі 3,2% галасоў.

Больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў у працэнтных суадносінах Пуцін набраў у Чачэнскай Рэспубліцы — там за яго прагаласавала 98,99%.

У Кемераўскай вобласці ён атрымаў 95,73% галасоў, у Тыве — 95,37%, у Габрэйскай аўтаномнай вобласці— 92,35%, у Саратаўскай вобласці — 91,66%.

У Маскве Пуцін набраў 85,57%, у Маскоўскай вобласці — 86,19%.

Ва ўсіх гэтых рэгіёнах апрацавана 100% пратаколаў.

Самая высокая яўка (больш за 90%) зафіксавана ў Чачні, Кемераўскай вобласці, Тыве, Кабардзіна-Балкарыі і Паўночнай Асеціі. Рэкордная яўка таксама зафіксавана на Далёкім Усходзе.

Выбары праводзілі і на анексаваных у 2022-м украінскіх тэрыторыях. У «ЛНР» Пуціну афіцыйна далі 94,12% галасоў, у «ДНР» — 95,23%. На частцы тэрыторыі Херсоншчыны, анексаванай Расіяй, за Пуціна 88,12% галасоў, на частцы тэрыторыі Запарожжа — 92,95%. 

Папярэднія вынікі выбараў ЦВК мае намер падвесці ў панядзелак.

Яшчэ да абвяшчэння выніковых лічбаў Пуцін даў прэс-канферэнцыю. Высокую яўку на выбарах ён звязаў з «драматызмам сітуацыі» і тым, што «Расія са зброяй у руках абараняе сваё развіццё».

Ён выказаўся таксама пра акцыю прыхільнікаў Навальнага.

«Я заклікаў прыйсці на выбары. Калі апазіцыя так лічыла, добра, малайцы. Наколькі я ведаю, гэта не мела эфекту. Але некаторыя псавалі бюлетэні — гэта дрэнна, яны вырашылі нагадзіць тым людзям, якія прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак. Гэта недэмакратычна».

Апазіцыйныя кандыдаты ці тыя, хто не падтрымлівае вайну, — спробы рабілі Кацярына Дунцова і Барыс Надзеждзін — на гэтыя выбары дапушчаны не былі. 

За месяц да выбараў у калоніі за палярным кругам памёр апазіцыянер Аляксей Навальны, які вярнуўся ў Расію пасля таго, як Пуцін спрабаваў яго атруціць «Навічком», і адразу ў аэрапорце быў затрыманы.

Справу Навальнага працягнула яго жонка Юлія.

Паплечнікі Навальнага на гэтых выбарах заклікалі расіян далучыцца да акцыі «Апоўдні супраць Пуціна» — прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў адзін час, каб паказаць, як шмат нязгодных з цяперашняй уладай.

Многія расіяне псавалі бюлетэні, былі выпадкі, калі залівалі урны зялёнкай. А ў Пермі пенсіянерка нават узарвала петарду ў туалеце на выбарчым участку.

Па даных «ОВД-Інфо» 17 сакавіка на выбарах у расійскіх гарадах затрымалі 85 чалавек.

Чытайце таксама:

Як у Расіі і за межамі праходзіць акцыя «Апоўдні супраць Пуціна»

Людзі ў Расіі масава пішуць на бюлетэнях «Не вайне» і «Пуцін забойца» ФОТЫ

У Мінску да расійскага пасольства стаялі вялікія чэргі ВІДЭА

Клас
2
Панылы сорам
12
Ха-ха
12
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
7