Фота: Odelyn Joseph / AP

Фота: Odelyn Joseph / AP

Узброеныя банды ўзялі штурмам турму ў сталіцы Карыбскай астраўной дзяржавы Гаіці і вызвалілі амаль 4000 зняволеных, піша Бі-бі-сі.

Штурм нацыянальнай турмы адбыўся ўвечары ў суботу, праз два дні пасля таго, як гаіцянскі прэм'ер-міністр адправіўся ў Кенію дамаўляцца аб размяшчэнні на Гаіці міжнароднага кантынгенту для барацьбы з бандытызмам, а адзін з верхаводаў бандытаў па мянушцы Барбекю абвясціў прэм'еру вайну.

У нядзелю, калі стала вядома пра штурм турмы, там пабывалі мясцовыя карэспандэнты міжнародных агенцтваў. Агенцтва AFP перадае, што брама турмы была адчыненая, і каля іх ляжалі больш за дзясятак целаў. Агенцтва Reuters піша пра тры целы зняволеных, якія ляжалі ў двары.

Улады Гаіці абвясцілі, што паліцыя адначасова спрабавала адбіць атакі на гэтую турму і яшчэ на адну, Круа-дэ-Буке. Колькі чалавек збегла з другой турмы, не паведамляецца, у першай жа па спісе сядзелі каля 3800 чалавек, і ў камерах засталіся, па звестках Reuters, 99 з іх. Па словах суразмоўцы агенцтва з ліку супрацоўнікаў турмы, яны вырашылі не выходзіць, каб не патрапіць пад кулі.

Сярод гэтых астатніх — былыя калумбійскія салдаты, пасаджаныя па абвінавачванні ў саўдзеле ў забойстве прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза ў ліпені 2021 года.

Пасля гэтага забойства Гаіці, найбяднейшую краіну Амерыкі, канчаткова накрыла хваля анархіі і бандытызму. Банды кантралююць 80% сталіцы, Порт-аф-Прэнса, летась у 11-мільённай краіне былі забітыя амаль 8,5 тысяч чалавек.

У мінулым годзе Кенія вырашыла ўзначаліць міжнародны ўзброены кантынгент, які ўціхамірыў бы гаіцянскія банды, і паслаць туды тысячу паліцэйскіх. Яшчэ дзве тысячы салдат паабяцала нядаўна іншая афрыканская краіна, Бенін, а фінансаваць гэтую аперацыю гатовыя ЗША.

Вярхоўны суд Кеніі прыпыніў рашэнне выканаўчай улады адносна Гаіці, і гаіцянскі прэм'ер Арыэль Анры ў чацвер адправіўся ў Найробі ратаваць пагадненне.

У гэты ж дзень лідар адной з банд, былы паліцэйскі Джымі Шэрызье па мянушцы Барбекю абвясціў, што ўсе банды сталіцы і правінцыі аб'ядноўваюцца, каб зрынуць Анры.

«Краіна нікім не кіруецца, лідара няма, насельніцтва галадае, людзі баяцца выходзіць на вуліцу. Народ стаміўся і не можа больш трываць», — заявіў Барбекю.

З тых часоў і да штурму турмаў адбылося некалькі перастрэлак, чацвёра паліцэйскіх былі забітыя і пяцёра параненыя, бандыты напалі на аэрапорт, з-за чаго былі адмененыя многія рэйсы, некалькі студэнтаў былі ненадоўга ўзятыя ў закладнікі, і адзін з іх паранены.

Чытайце таксама:

З турмы ў Эквадоры прапаў вядомы мафіёзі. І ў краіне абвясцілі надзвычайнае становішча

У Эквадоры злачынныя групоўкі захапілі вядоўцаў тэленавін у жывым эфіры

У Эквадоры забілі вядомага пракурора, які расследаваў напад на мясцовы тэлеканал

Клас
6
Панылы сорам
17
Ха-ха
2
Ого
22
Сумна
11
Абуральна
9