Арцём Данільчык. Фота: асабісты архіў

Арцём Данільчык. Фота: асабісты архіў

Арцёму 36 гадоў, і цяпер ён жыве ў Нью-Ёрку.

— Ёсць людзі, якія маюць дваццаць-трыццаць-пяцьдзясят сяброў, але я лічу, што гэта немагчыма, − разважае суразмоўца. — Калі мы гаворым пра сапраўдных сяброў, то іх не можа быць шмат. У мяне такіх было менш за дзесяць чалавек.

Мужчына кажа, што пасля ад’езду падтрымліваць сувязь стала нашмат цяжэй — узяць хаця б той факт, што паміж Еўропай і ЗША даволі адчувальная розніца ў часавых паясах, таму ўзнікаюць складанасці і з тым, каб падабраць зручны для ўсіх час. Нягледзячы на гэта, у Арцёма ёсць сябар, з якім ён стэлефаноўваецца па некалькі разоў на тыдзень.

— Зразумела, што стэлефанавацца — гэта зусім не тое, што сустрэцца, — адзначае Арцём. — Сябар спрабаваў зрабіць візу, але яму чамусьці адмовілі.

Сумна жартуе, што зараз у яго больш шансаў сустрэцца з сябрамі недзе ў Варшаве, чым у Мінску. У беларускай сталіцы нікога з добрых знаёмых не засталося, усе былі вымушаны з’ехаць пасля 2020 года. Арцём кажа, што з задавальненнем бы злётаў у Польшчу, але пакуль не мае магчымасці пакінуць тэрыторыю ЗША — трэба вырашыць усе пытанні з дакументамі, а, калі гэта атрымаецца, на жаль, невядома.

— Раней я тройчы прыязджаў у ЗША, нават жыў тут год, і, вядома, меў нейкія стасункі з мясцовымі. Ужо тады зразумеў, што сяброўства з амерыканцамі — гэта цікавы досвед. Напрыклад, мой бос распавядаў, што яго сусед, з якім ён сябраваў, аднойчы выклікаў на яго паліцыю. Прычына выглядала даволі дзіўна: бос на нейкі час паставіў сваю машыну на драйвэй гэтага знаёмага — яму нешта трэба было дома забраць. Калі ён выйшаў, паліцыя ўжо была на месцы. Для мяне, вядома, дзіўна, што чалавек так зрабіў замест таго, каб проста падысці да суседа і папрасіць пераехаць, калі аўто сапраўды перашкаджае.

Арцём шмат працуе з людзьмі (ён збірае мэблю для кліентаў і робіць нейкую невялікую працу ў доме кшталту павесіць тэлевізар ці паліцу). Мужчына звяртае ўвагу на тое, пра што яны размаўляюць і як гэта робяць — кажа, што розніца паміж менталітэтам амерыканцаў і беларусаў сапраўды існуе.

— Можа, канешне, гэта толькі маё прыватнае меркаванне, але здаецца, што сяброўства тут і ў Беларусі вельмі адрозніваецца. У ЗША ты можаш ведаць чалавека ўсяго адзін дзень, а гэта ўжо лічыцца сяброўствам. З аднаго боку, гэта добра, а з другога…

Я ўкладаю ў слова «сябар» нашмат больш — са сваімі сябрамі я сябрую па 18—20 гадоў, мы шмат чаго прайшлі за гэты час. І калі мы разам удзельнічалі ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе, гэта вельмі аб’ядноўвала. А тут мяне здзіўляе, калі людзі знаёмыя пяць гадоў, а нічога адно пра адно не ведаюць. Хаця яны сустракаюцца, маюць нейкія супольныя інтарэсы.

Арцём адзначае: магчыма, цяжкасці ў камунікацыі ўзнікаюць таму, што ён і жыхары Амерыкі раслі ўсё ж у прынцыпова розных умовах. Шмат да чаго амерыканцы ставяцца значна прасцей — вось гэта беларусу вельмі падабаецца.

Нягледзячы на ўсё складанасці, мужчыну ўдалося завесці новыя знаёмствы. Шмат чаго з беларускіх рэалій амерыканцы не могуць зразумець.

— Мы хадзілі, напрыклад, у кальянную. Здаецца, добра пасядзелі. Але ўсё роўна ёсць адчуванне, што нешта не так. Сам не магу зразумець, што канкрэтна. Можа, рэч у тым, што я супраць волі параўноўваю тое, што было, з тым, што ёсць.

Мяркуючы па сваім асабістым досведзе, Арцём даў некалькі парад тым, хто таксама пачынаў жыццё з нуля ў новай краіне і імкнецца завесці новыя знаёмствы.

— Галоўная парада: не патрабуйце ад сябе шмат усяго адразу. Першы год у эміграцыі ў мяне быў час толькі на працу — у мяне было па 70-80 працоўных гадзін за пяцідзённы працоўны тыдзень.

Праз год атрымалася працаваць менш, з’явіўся час на хобі — а я заўсёды любіў баскетбол і валейбол. Пачаў хадзіць гуляць — пазнаёміўся з адным чалавекам, ён потым запрасіў мяне ў сваю кампанію на покер. Канешне, у гэтым выпадку нельга казаць пра сапраўднае сяброўства — але я атрымаў новыя знаёмствы і магчымасць з кімсьці бавіць час. Падумайце, што вас цікавіць і спрабуйце за гэта зачапіцца. Калі сядзець дома і нічога не рабіць, вядома, ты нікога не сустрэнеш.

Арцём таксама рэкамендуе звярнуць увагу на лакальныя чаты ў тэлеграме, суполкі ў фэйсбуку — перыядычна беларусы клічуць папіць разам гарбаты недзе ці пашпацыраваць.

— Я таксама хадзіў на сустрэчы дыяспары, пазнаёміўся з адным хлопцам. Ён даволі рэлігійны, а я не, таму ў некаторых момантах мне цяжка яго зразумець. Але на бейсбол мы разам схадзілі. Сама гульня — дарэчы, від спорту нумар адзін у ЗША — мне падалася нецікавай, але ў Амерыцы з любой спартыўнай падзеі робяць сапраўдныя шоу, туды можна ісці нават толькі па атмасферу. Я вельмі люблю хакей і ў мяне ёсць міні-мара трапіць на ўсе хакейныя арэны, дзе матчы НХЛ гуляюцца. Можа, таксама з кімсьці ўдасца пазнаёміцца.

Апошняя парада ад Арцёма — звяртаць увагу на свой эмацыянальны стан.

— Калі ты на хуткім экспрэсе імчышся да дэпрэсіі, то, вядома, не будзе ніякіх сіл ні на хобі, ні на пошук новых знаёмстваў. І з уласнага досведу адзначу: так, азірацца можна, але не трэба на гэтым завісаць. Жыццё змянілася, і змянілася назаўжды.

Чытайце таксама:
Як працуе і колькі зарабляе беларуская доктарка ў Чэхіі
«Чужына гэта ці не чужына? — задумваюся чарговы раз»
«Язык больш-менш «развязаўся». Беларус расказаў, як ён вучыць польскую мову ў Польшчы, сам сабе ствараючы асяроддзе
Клас
34
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?