Магіла Дзмітрыя Федасюка. Фота знойдзена «Нашай Нівай»

Магіла Дзмітрыя Федасюка. Фота знойдзена «Нашай Нівай»

Гэта быў адзіны выпадак, калі лукашэнкаўскім сілавікам далі ўзброены адпор. Зельцэр з ружжа застрэліў старшага лейтэнанта КДБ Дзмітрыя Федасюка, але загінуў і сам.

Дзясяткі тысяч беларусаў сталі ахвярамі масавых рэпрэсій, якія распачаліся ў 2020 годзе.

Удзельнікі руху за свабодныя выбары і супраць дыктатуры не ўжывалі зброі, Андрэй Зельцэр стаў адзіным выключэннем. Ëн сустрэў брыгаду, што прыйшла да яго з ператрусам, агнём. Чаму ён прыняў такое рашэнне, дагэтуль застаецца нявысветленым.

Рэйд у кватэру Зельцэра быў адным з соцень аналагічных ператрусаў летам і восенню 2021 года. Яны суправаджаліся прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, што сцвярджалі, нібы пратэстоўцы супраць дыктатуры пераходзяць да сілавых метадаў барацьбы. Гэта былі хлуслівыя сцвярджэнні. 

Падчас перастрэлкі ў пакоі побач з Зельцэрам знаходзілася ягоная жонка Марыя Успенская, якая здымала ўвесь працэс на тэлефон. Кадраў з яе прылады дагэтуль ніхто не бачыў.

Тое, што адбывалася, здымалася і на іншую камеру ў пакоі.

Марыя Успенская падчас перастрэлкі Андрэя Зельцэра з супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Фота: кадр з відэа, апублікаванага КДБ

Марыя Успенская падчас перастрэлкі Андрэя Зельцэра з супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Фота: кадр з відэа, апублікаванага КДБ

Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве кадэбэшніка, але замест калоніі ёй прысудзілі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары да выздараўлення — гэта азначае адсутнасць канкрэтнага тэрміну сканчэння адбыцця пакарання.

Яе сукамерніцы расказвалі, што Марыя цяжка перажывала тое, што адбылося тады ў кватэры.

У пары застаўся 10-гадовы сын. Падчас трагедыі хлопчык знаходзіўся ў школе, яго забрала бабуля.

Разам з тым пацярпела і мноства іншых людзей. Улады схапіліся за справу Зельцэра, каб пачаць масава знявольваць грамадзян за меркаванне. Па звестках праваабарончага цэнтра «Вясна», як мінімум 124 чалавек былі асуджаныя па «справе Зельцэра». Гэтыя лічбы, імаверна, далёка не поўныя, бо не ўсе імёны рэпрэсаваных вядомыя. У асноўным былі заведзеныя крымінальныя справы за каментары ў падтрымку Андрэя Зельцэра. Судам было загадана расцэньваць іх як распальванне сацыяльнай варожасці.

У ліку затрыманых быў журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка — за артыкул пра Зельцэра, дзе яго знаёмая станоўча адгукалася пра айцішніка ў дзяцінстве. Тады ж быў заблакаваны сайт kp.by і спынена дзейнасць беларускай рэдакцыі «Камсамолкі». Мажэйку арыштавалі ў маскоўскім аэрапорце.

«Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расіяне тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур», — расказваў яго сукамернік.

У выніку Мажэйка быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі нібыта за «распальванне варожасці» і «абразу Лукашэнкі». Сваёй віны ён не прызнаў.

Генадзь Мажэйка падчас суда над ім. Фота: БелТА

Генадзь Мажэйка падчас суда над ім. Фота: БелТА

Паварот ад аўтарытарызму да таталітарызму ў Беларусі пачаўся з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, разгромна прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

У краіне пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый і парушэнняў законнасці, у адказ лукашэнкаўцы распачалі масавыя рэпрэсіі. За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават базавыя нормы законнасці і маралі, сотні тысяч былі звольненыя з работы па палітычных матывах або змушаныя да эміграцыі.

6 кастрычніка 2021 года 31-гадовага праграміста Андрэя Зельцэра пахавалі на Лясных могілках у мінскім мікрараёне Шабаны. Цела Андрэя прывезлі на могілкі наўпрост з морга, бо ўсім рытуальным залам загадалі адмовіцца праводзіць цырымонію развітання.

Кадэбэшніка Дмітрыя Федасюка, які заплаціў жыццём за саўдзел у рэпрэсіях, урачыста пахавалі 1 кастрычніка. Лукашэнка пасмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам «За асабістую мужнасць». А актывістаў лукашэнкаўскіх псеўдаграмадскіх арганізацый прымушаюць прыносіць кветкі і свечкі да будынка КДБ у дзень яго гібелі.

Чытайце таксама:

Суды над Бабарыкам і Ціханоўскім, самалёт Ryanair і мігранты, разгром СМІ і Андрэй Зельцэр: галоўныя людзі і падзеі 2021 года

Блакаванне SIM-карты, рахункаў, немагчымасць прадаць ці купіць жытло. Як КДБ зрабіў невыносным жыццё фігурантаў «спіса тэрарыстаў»

Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»

Клас
9
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
17
Абуральна
100