УСУ паведаміла аб 21 збітай ракеце з 34. Пашкоджаны чатыры ЦЭС і бальніца

Былі атакаваныя аб'екты ў Днепрапятроўскай, Івана-Франкоўскай і Львоўскай абласцях.

27.04.2024 / 11:02

Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ноччу расейскае войска атакавала Украіну з дапамогай 34 крылатых і балістычных ракет, з якіх 21 удалося збіць.

Як паведамілі ў прыватнай энергакампаніі ДПЭК, з-за атакі сур'ёзна пацярпелі чатыры электрастанцыі. Ёсць пацярпелыя, ім аказваюць дапамогу, колькасць параненых не ўдакладняецца.

Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка паведаміў, што былі атакаваныя аб'екты ў Днепрапятроўскай, Івана-Франкоўскай і Львоўскай абласцях.

У Харкаве пад удар патрапіла псіхіятрычная бальніца. У момант атакі ў медыцынскай установе знаходзілася каля тысячы чалавек — 900 пацыентаў і яшчэ 250 работнікаў.

«На шчасце, ракеты патрапілі ў зямлю, а не ў карпусы медустановы — у адваротным выпадку цяжка ўявіць колькасць загінулых і пацярпелых. Ёсць адзін паранены чалавек, ступень — лёгкая», — паведаміў кіраўнік горада Ігар Церахаў.

Nashaniva.com