У Падмаскоўі вызвалілі з працоўнага рабства беларусаў, якія прасілі міласціну за ежу

Пра гісторыю з крымінальным бізнэсам, якая адбылася ў Падмаскоўі і ахвярамі якога сталі грамадзяне Беларусі, расказвае тэлеграм-канал Baza.

25.04.2024 / 19:16

Фота: t.me/bazabazon

Віктар з Беларусі прыехаў на заробкі ў Расію вясной. Дома ў мужчыны, прызнанага інвалідам, нікога і нічога не засталося, а ў Маскве яму прапанавалі падзарабіць.

Віктар трымаў сувязь з жанчынай па імені Наталля, якая адразу запрасіла яго ў кватэру ў падмаскоўнай Балашысе. Калі мужчына прыехаў, у яго адразу ж забралі пашпарт. Акрамя яго, у кватэры знаходзіліся яшчэ 5-6 чалавек.

Так Віктар трапіў у рабства і стаў прафесійным жабраком: кожны дзень яго адвозілі ў розныя пункты і выдавалі таблічкі з жаласлівымі надпісамі.

«Далі таблічку «памерла дачка, засталося двое ўнукаў», пасведчанне мёртвай жанчыны і дакументы на дзяцей: хлопчыку 11 гадоў, дзяўчынцы 14. Я ніколі не бачыў гэтых дзяцей», — сведчыць мужчына.

Па словах Віктара, ягоная змена доўжылася да позняга вечара, а штодзённы даход кожнага чалавека складаў каля 5000-10000 рублёў. Грошы раз на некалькі гадзін забіралі наглядчыкі.

Акрамя грошай, мінакі давалі жабракам прадукты — іх трэба было прыносіць у «абшчак». Есці падчас працы было нельга: Наталля ўвесь час палохала Віктара гісторыяй аднаго мужчыны, якога моцна збілі за тое, што ён паеў падчас «працы». Пра ўцёкі Віктар і іншыя мужчыны нават не думалі — не ведалі, дзе знаходзяцца іхнія пашпарты.

Выратавала беларуса прахожая жанчына, якая звярнулася да валанцёраў руху супраць рабства «Альтэрнатыва». Пасля таго ў кватэру да Наталлі валанцёры прыйшлі разам з паліцыяй.

Дрыжачая Наталля называла сябе «бежанкай з Украіны», доўга не хацела аддаваць пашпарты і запэўнівала, што ні ў чым не вінаватая. У паліцыі заяву Віктара прынялі, але справу аб выкарыстанні рабскай працы пакуль яшчэ не завялі.

«У Расіі далёка не ўцячэш». Беларус, якога вызвалілі з працоўнага рабства на Урале, расказаў сваю гісторыю

Вызваленая беларуска расказала, як апынулася ў працоўным рабстве ў М'янме і што там рабіла

Валанцёры вызвалілі беларуса з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расіі

Валанцёры ў Дагестане вызвалілі з рабства беларуса, якога купілі за 400 даляраў

Nashaniva.com