«Гэта трызненне». У Літве пракаментавалі заяву Церцеля пра імаверныя ўдары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

Узброеныя сілы Літвы зняпраўдзілі паведамленне КДБ аб тым, што з тэрыторыі Літвы на Мінск магла быць учыненая атака з дапамогай беспілотніка.

25.04.2024 / 14:48

Будынак КДБ у Мінску. Фота: Наша Ніва

Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, кіраўнік КДБ Іван Церцель сказаў, што КДБ пры ўзаемадзеянні з калегамі з іншых сілавых структур быў праведзены «шэраг вострых мерапрыемстваў», які дазволіў прадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі. Удары павінны былі наносіцца з тэрыторыі Літвы па аб'ектах у Мінску і ў яго прыгарадах.

Прадстаўнік дэпартамента стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Чуніс у каментары LRT абвергнуў гэтыя паведамленні.

«Я магу на 100 адсоткаў сцвярджаць, што гэта дэзынфармацыя. Гэта трызненне, што Літва нанясе ўдар з беспілотніка па Беларусі, іншага слова я не магу падабраць», — сказаў ён LRT.lt.

Ён адзначыў, што такія заявы з боку Беларусі «выклікаюць у мяне толькі ўсмешку».

Прадстаўнік камандуючага ўзброенымі сіламі Літвы Жывіле Дыджгальвене таксама зняпраўдзіла інфармацыю.

«Варожая інфармацыйная дзейнасць характарызуецца распаўсюджваннем дэзынфармацыі і ілжывых абвінавачванняў. Узброеныя сілы Літвы не рабілі і не робяць ніякіх варожых дзеянняў супраць іншых краін», — заявіла Ж. Дыджгальвене.

Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

Лукашэнка прыгразіў палітычным эмігрантам пераследам іх родных у Беларусі

Якім памерам шрыфту друкуюць Лукашэнку даклад, каб ён бачыў літары ФОТАФАКТ

Nashaniva.com