«Зваротаў усё больш». Гігін анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага ў Мінску

Мясцоваму скверу іншую назву ўжо прыдумалі.

06.04.2024 / 15:16

Сквер, які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Каліноўскага, назвалі «Яблыневым». Са слоў дэпутата Вадзіма Гігіна, гэта зрабілі для таго, каб адысці ад народнай назвы «Сквер на Каліноўскага».

Учора ў скверы з нагоды 55-годдзя Першамайскага раёна высадзілі яблыні, у мерапрыемстве ўзяў удзел і Гігін.

У сваім тэлеграм-канале прапагандыст пахваліўся, што ў беларускай тапаніміцы застаецца ўсё менш месцаў, звязаных з Кастусём Каліноўскім — яго Гігін чарговы раз назваў «польскім рэвалюцыянерам-тэрарыстам».

Гігін таксама анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага. Ён заявіў, што яму нібыта паступае ўсё больш зваротаў грамадзян з гэтай нагоды, і ён упэўнены, што вуліцу пераймянуюць.

У снежні гімназію ў Свіслачы, якая насіла імя Каліноўскага, перайменавалі ў гонар падпольшчыцы Праскоўі Васіленкі.

Nashaniva.com