Памёр беларус Алім Кашавараў, які гераічна ратаваў людзей у «Крокус Сіці Холе»

Ён атрымаў шматлікія кулявыя раненні падчас жахлівага тэракту ў «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску ў мінулую пятніцу

29.03.2024 / 10:25

Пасольства Беларусі ў Расіі паведаміла пра смерць Аліма Іосіфавіча Кашаварава.

Ён атрымаў шматлікія кулявыя раненні падчас жахлівага тэракту ў «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску ў мінулую пятніцу

Дактары маскоўскай бальніцы імя Боткіа да апошняга змагаўся за жыццё цяжка параненага беларуса.

Пасол Беларусі Дзмітрый Круты выказаў глыбокія спачуванні сваякам загінулага. Пасольства аказвае ўсю неабходную дапамогу, у тым ліку ў транспарціроўцы цела Аліма на Радзіму.

Пра Аліма Кашаварава расказаў супрацоўнік «Крокуса» Аляксей Асанушкаў. Яны апынуліся на першай лініі — стаялі на суседніх рамках, тэрарысты ішлі проста на іх.

Калі пачалася страляніна, мужчыны пачалі ратаваць людзей.

«Ён выскачыў на злачынцаў, каб неяк спыніць іх, выратаваць людзей, яго адразу пасеклі чаргой», — кажа Асанушкаў.

«Перад намі быў натоўп людзей. І яны пачалі ў спіны страляць людзей, якія заходзілі праз рамкі», — расказваў Асанушкаў,.

Калі людзі пачалі ўцякаць, ахоўнікі пачалі іх эвакуяваць.

Яшчэ адзін ахоўнік з Беларусі Вадзім Кулік таксама загінуў, як загінула і беларуска Ганна Волкава.

Nashaniva.com